ТЭКТАНІ́ЧНЫЯ РУ́ХІ,
механічныя рухі блокаў тэктанасферы. Абумоўлены фіз.-хім. працэсамі ў нетрах Зямлі, падкоравымі канвекцыйнымі цячэннямі, перыядычнымі зменамі скорасці вярчэння Зямлі і інш. Крыніцы энергіі Т.р. — радыягеннае ўнутр. цяпло нетраў і гравітацыйная энергія Зямлі і інш. планет. Прыводзяць да парушэнняў у заляганні горных парод і адлюстроўваюцца ў рэльефе зямной паверхні. Адрозніваюць Т.р.: павольныя эпейрагенічныя (утвараюць мацерыкі) і хуткія арагенічньы (горы), верт. (нармальныя; дадатныя і адмоўныя) і гарыз. (тангенцыйныя), накіраваныя і вагальныя, хвалевыя (паслядоўныя падняцці і прагіны — мегаундацыі), глыбавыя (у межах пэўных тэктанічных структур); паводле часу праяўлення — стараж., найноўшыя, сучасныя. Старажытныя Т.р. (даалігацэнавыя) даследуюцца пераважна метадам фацый і магутнасцей асадкавых і вулканагенных тоўшчаў, выкарыстоўваюцца таксама палеамагнітныя даныя, а для апошніх 180—160 млн. г. (час існавання сучасных акіянаў) — лінейныя магнітныя анамаліі (адпавядаюць ізахронам акіянічнага ложа). Найноўшыя Т.р. даследуюцца геамарфал. метадамі, метадам фацый і магутнасцей асадкавых тоўшчаў. Сучасныя Т.р. даследуюцца геад. метадамі (паўторнае нівеліраванне, трыянгуляцыя, трылатэрацыя, лазерныя вымярэнні, метады касм. геадэзіі). Скорасць верт. рухаў ад доляў да першых дзесяткаў міліметраў за год (на Беларусі ±2 мм), гарыз. — да некалькіх сантыметраў за год.
Літ.:
Гл. да арт. Тэктоніка.
А.М.Каўхута, Р.Р.Паўлавец.
т. 16, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)